Каляды – гэта даўнія народныя святы, што адзначаюць праваслаўныя і каталікі беларусы:
з 24 снежня (6 студзеня) па 6 (19) студзеня. У іх час калядавалі, варажылі, ладзілі шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.
Першая куцця (24-25 снежня/6-7 студзеня) — пачатак свят. З раніцы прыбіраліся, мыліся, гатавалі вячэру. За стол сядалі, калі на небе з’яўлялася першая зорка. Яна паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус (у каталікоў у гонар гэтага адзначаецца свята Трох Каралёў).
Пад абрус на стол падкладалі сена як напамін, што Ісус пасля нараджэння ляжаў у яслях на сене. На покуці ставілі збожжа для сяўбы, каб радзіла. Гаспадар запрашаў за стол Дзядоў (памерлых продкаў), што давала працяг роду. Куцця мае 12 страў, сімвалізуе агульную долю (дабрабыт, шчасце.
Вечар напярэдадні Новага года (31 снежня-1 студзеня /13 студзеня — 14 студзеня) – «шчодры», «ласы». На столе – смажаныя каўбасы, свежаніна, сыр, яечня, бліны. Ладзілася шчадраванне, калі “вадзілі казу” па хатах і збіралі гасцінцы.
Абрад “ваджэнне казы”
Хлопцы бралі кажух, выварочвалі поўсцю наверх, рабілі рожкі, прывязвалі саламяны хвост. Выбіралі здольнага да танцаў жартаўніка, ён залазіў пад кажух і цягам вечара выконваў ролю “казы”. Суправаджаў “казу” другі хлопец, пераапрануты ў дзеда: яму рабілі горб, льняную бараду, апраналі драную світку, маску, у адну руку давалі кій, у другую табакерку. У кампаніі калядоўшчыкаў былі механоша, музыка, “цыган”, “мядзведзь”, “маладзіца”. Усе разам заходзілі ў двор і прасілі дазволу калядаваць.
Галоўнай была «каза» — жвавы, танцор хлопец, апрануты ў вывернуты кажух, трымаў у руках галаву казы з дрэва ці паперы. «Казу» вадзіў павадыр, які ўмеў складна гаварыць. У гурту былі і музыкі, механошы, песеннікі, якія падтрымлівалі народны карнавал.
Трэцяя, “посная” куцця (5 – 6 студзеня/18—19 студзеня) – на Вадохрышча (свята ў памяць аб Хрышчэнні Хрыста ). Хадзілі ў царкву. Сена, на якім стаяла куцця, аддавалі жывёле, каб не хварэла.
Калядаванне зарадзілася ў язычніцтве. Увечары група моладзі апраналася ў жывёл (Казу, Бусла, Зайца) і розных істот (Дзеда, Бабу, Чорта) і хадзіла па вёсцы. Спыняліся ля кожнага двара. Гаспадар запрашаў у хату, інакш на будучы год шчасця і дабрабыту не будзе. Госці спявалі, танцавалі, гралі на дудзе і бубне, ладзілі розныя сцэны. У канцы жадалі гаспадарам багацця, здароўя і сямейнага ладу.
Гаспадар выносіў хлеб, сала, мяса, каўбасы, бліны, якія складваліся ў торбу. Калі падала (“памірала”) каза – быў сігнал: несці пачастунак Гэта азначала вялікае няшчасце: значыць, не будзе ўраджаю і дабрабыту. Каб яе “ажывіць”, неслі пачастункі.
Калядоўшчыкі спявалі:
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць,
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом,
Дзе каза нагой,
Там жыта капой,
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам!
“На Каляды – не плесці, не віць і не шыць, а толькі – варажыць…”
Нашы продкі верылі, што, робячы якія-та дзеянні, можна ўбачыць, што будзе ў будучым: які будзе ўраджай, ці будуць грошы, ці выйдзе дзяўчына замуж і за каго…. Таму дзяўчаты і хлопцы ў першую чаргу варажылі на жаніхоў і нявест.
Як жа праходзіла варажба?
• Варажылі па зорках. Выходзілі на вуліцу і глядзелі, колькі на небе зорачак: калі шмат – дык улетку будзе шмат грыбоў, ягадаў і пчолаў.
• Выходзілі ўвечары на вуліцу і чыталі пад зоркамі і казалі чароўныя словы (замовы), у якіх былі пажаданні на новы год.
• Бралі невялікі слоік з вадой і нелькалькі васковых свечак, запальвалі і крапалі воскам на ваду. Атрымаліся малюнкі, якія можна потым разгадваць і талкаваць.
• Хлопцы кралі ў дзяўчат падушкі і спалі на іх. Так можна было сасніць, на кім ажэнішся.
• Хлопцы і дзяўчаты хадзілі да агароджы і абхоплівалі рукамі плот, затым лічылі колькі ахапілі клёпак: калі парны лік, то хутка вяселле, а кале не, то не.
• Хадзілі па вёсцы і па чарзе загадвалі ў якой хаце забрэша першым сабака, у той і жаніх (ці нявеста).
“Жаніцьба Цярэшкі” — старажытная (ёй больш за 1200 гадоў) калядная гульня, у час неанатыя і незамужнія хлопцы і дзяўчаты знаёмяцца ў жартаўлівай форме. У час гульні моладзь спявае і таньчыць. Абіраліся “бацька” і “маткаі”, якія складалі з моладзі “пары”. “Бацька” выводзіў хлопца, а “матка” – дзяўчыну, затым іх “скручваліі” у танцы. Пасля гэтага “маладыя” называлі сябе ўо “дзядулька” і “бабулька”. Калі ўсе пары ў танцах перакручваліся, удзельнікі па чарзе лавілі адзін аднаго, смяяліся, жартавалі…
Цярэшкам у народзе яшчэ называлі таямнічага выдуманага героя, які, нібы спіць у выглядзе драўлянай фігуркі, а на каляды ажывае…
Прыкметы на Каляды
Людзі здаўна шукалі знакі (прыкметы), па якіх прадказвалі якім будзе будучае.
Некаторыя калядныя прыкметы:
• Калі на дварэ цёпла – будучая вясна будзе халодная.
• Калі на дрэвах іней у тры калядныя дні – будзе вялікі ўраджай хлеба.
• Выпаў снег – чакай добрых навін у жыцці.
• Ноччы завея – пчолы добра раіцца будуць, а значыць будзе шмат мда.
• У ноч шмат зорак на небе – будзе шмат (“густа”) ягад і гароху.
Хто такія Зюзя і Мароз
Зімой верылі ў духаў холаду Зюзю і Мароза. Яны з большага жылі ўлесе, часам наведвалі вёскі, прыносячы моцную сцюжу. Раззлаваўшыся, Зюзя біў булавой па пні, і тады наступалі траскучыя маразы. Каб духі не злаваліся, на каляды для Зюзі пакідалі частку куцці (“Зюзя на дварэ – куцця на стале”), а Марозу гаспадар кідаў за вакно першую лыжку кашы: “Мароз, хадзі куццю есці”.
Каб спыніць маразы пералічвалі 12 знаёмых лысых дзядоў. Каб выклікаць вецер – дражнілі лысага дзеда.
З пераходам да хрысціянства на месца Зюзі паступова заступаў св. Мікалай, але цалкам перамагчы яго не змог.
Наш слоўнік:
• Праваслаўныя і каталікі – хрысціяне.
• Хрысціянства – вера ў бога Ісуса Хрыста.
• Хрысціяне – тыя людзі, якія вераць у бога Ісуса Хрыста.
• Куцця – святая вячэра і абрадавая страва ў выглядзе кашы.
• Варажба – дзеянні, з дапамогай якіх стараліся разгадаць будучае.
• Замова – чароўныя словы, якія казалі, каб дабіцца здзяйснення нейкага запаветнага жадання.
• Прыкметы – знакі, якія людзі шукалі ў прыродзе, каб прадказаць будучае.
• “Жаніцьба Цярэшкі” – жартаўлівая калядная гульня.